КЛЕ́ТАЧНАЯ МЕМБРА́НА, цытаплазматычная мембрана, плазматычная мембрана, плазмалема,
мембрана, што аддзяляе цытаплазму клеткі ад навакольнага асяроддзя ці ад абалонкі клеткі (у раслінных клетках); арганоід клеткі. Адыгрывае важную ролю ў абмене рэчываў паміж клеткай і навакольным асяроддзем, пры рухомасці і счапленні клетак паміж сабой. Мае станоўчы зарад звонку, рознасць патэнцыялаў 20—100 мВ, таўшчыня — 7—10 нм (пра будову К.м. гл. ў арт. Біялагічныя мембраны). Паўпранікальная: праз яе свабодна праходзіць вада, скорасць дыфузіі інш. рэчываў прама прапарцыянальная іх растваральнасці ў ліпідах і адваротна прапарцыянальная іх малекулярнай масе. Для высокамалекулярных рэчываў амаль непранікальная (пра перанос праз К.м. гл. ў арт. Транспарт рэчываў). Знутры К.м. знаходзіцца слой скарачальных мікрафіламентаў, які забяспечвае змену яе формы (напр., пінацытоз ці фагацытоз, розныя тыпы міжклетачных кантактаў і інш.). У спецыялізаваных клетак мае дадатковыя функцыі (напр., К.м. нейрона здольная да адваротнай дэпалярызацыі пры правядзенні імпульсу нервовага).
т. 8, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)